Падрыхтоўка па ўсіх накірунках

На пасяджэнні райвыканкама па пытаннях арганізацыі вясенне-летняй сельскагаспадарчай кампаніі старшыня райвыканкама засяродзіў ўвагу на стварэнні спрыяльных умоў працы для ўдзельнікаў гэтых работ. І на адным з першых месц сярод іншых стаіць пытанне забеспячэння механізатараў гарачым снеданнем. Днямі разам з прадстаўнікамі раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і райкама прафсаюза работнікаў АПК мы пабывалі ў некалькіх сталовых сельгаспрадпрыемстваў. Там ідуць апошнія падрыхтоўчыя работы: многія з гэтых памяшканняў не выкарыстоўваліся з мінулай восені, таму зараз трэба навесці чысціню, аднавіць абсталяванне, дакупіць посуд і прынады для прыгатавання ежы. Супрацоўніца ЦГіЭ вельмі даксканала аглядала кожны куток памяшканняў, раіла, дзе і які недахоп выправіць, цікавілася станам халадзільнікаў, пліт і тэрмасаў. Нагадвала правілы, якія прэба выконваць пры арганізацыі харчавання ў палявых умовах. Старшыня райкама прафсаюзаў высвятляў наяўнасць тэхнічных сродкаў, якія будуць дастаўляць абеды на поле, рэжым працы сталовай і працуючых там. Пройдзе яшчэ некалькі дзён, і нецярплівае чаканне скончыцца: пачнуцца масавыя палявыя работы, таму напружаная падрыхтоўка ідзе зараз па ўсіх накірунках. Лепей зараз зрабіць ўсё належным чынам, каб потым праца ішла як па масле.